ВОГНЕТРЫВА́ЛЫЯ ГЛІ́НЫ,

асадкавыя тонкадысперсныя горныя пароды, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці вогнетрывалых матэрыялаў. Маюць высокую эластычнасць, звязвальную здольнасць і вогнетрываласць (не ніжэй як 1580 °C).

Вогнетрывалыя гліны складаюцца пераважна з каалініту ці блізкіх да яго мінералаў з агульнай формулай Al2O3·2SiO2H2O. У іх трапляюцца і інш. мінералы (напр., монатэрміт, пірафіліт, гідраслюды). Вогнетрываласць (блізкая па значэнні да т-ры плаўлення) залежыць ад хім. саставу гліны. Вогнетрывалыя гліны маюць значную колькасць аксіду алюмінію Al2O3 (гліназём; 30—45%) і розныя прымесі. Зніжаюць вогнетрываласць злучэнні жалеза і аксіды шчолачных металаў.

Выкарыстоўваюць у вытв-сці вогнетрывалых матэрыялаў для металургіі, машынабудавання, як асн. кампанент для вырабу фарфору, фаянсу, керамічных плітак і тэхн. керамікі. У Беларусі радовішчы вогнетрывалай гліны на Пд Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

Я.М.Дзятлава.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)